Страказа
Дзед Лявон прыйшоў у садок па Кацярынку. Яна падбегла да яго, але раптам крыкнула: “Жаба!” – і адскочыла ўбок.
Дзед Лявон глядзеў на Кацярынку і ўсміхаўся.
– А ты чаму не палохаешся, дзед? – здзівілася Кацярынка.
– Ну ты жартаўніца-страказа. Відаць, хочаш мець такія лупатыя вочы, як у яе?
– Як лупатыя? – зацікавілася Кацярынка. – У страказы лупатыя?
– А вось слухай! – сказаў дзед. Ён вёў Кацярынку дамоў і дарогай апавядаў гісторыю.
… Аднойчы Страказа, напалоханая Жабай, ляцела, не цямячы куды. Нарэшце яна стамілася. Завісла на адным месцы і падумала:
– А чаго гэта я адна так напалохалася? Цішыня наўкола. Трэба раскатурхаць гэта балота. З каго пачаць?
Убачыла Павука-Плывуна і кінулася да яго.
– Вось ты соўгаешся тут ціхенька, а там Жаба на купіне збіраецца ўсё балота захапіць і меншых за сябе паесці…
Плывун нічога ёй не адказаў, толькі ледзь прыкметна пасунуўся ад Страказы.
– Не верыш? – спытала Страказа і сама спалохалася. Сказана ж – у страха вочы вялікія. А каб пераканаць Павука, што гаворыць праўду, дадала:
– Ды няхай мае вочы лопнуць, калі ілгу.
Зірнула Страказа ўніз, а павука і следу няма.
– Спалохаўся! – вырашыла яна і паляцела далей: каго ні сустрэне, усім пра Жабу расказвае. Жаба ў яе расповедах ужо амаль палову балота захапіла і ледзь не палову жыхароў балотных паела. А калі бачыла, што на яе глядзяць з недаверам, казала:
– Ды няхай мае вочы лопнуць, калі я лгу!
І далей ляцела.
Вось сустрэла яна Кабылку Балотную, казюрку, падобную да саранчы ці да коніка. Пачала яе страшыць. І самой яшчэ страшней робіцца! Вочы яе ўсё большаюць ды большаюць ад страху. Нарэшце яна прамовіла:
– Ды няхай мае вочы лопнуць, калі лгу!
А Кабылка Балотная ёй адказвае:
– Ты паглядзі на сябе!
І скок з травіны на травіну.
А Страказа думае: “Ну што ж, глянуся ў ваду!”
Завісла яна над воднай гладдзю і вачам не паверыла! Глядзіць на яе з вады істота. Вірлавокія вочы вось-вось лопнуць.
Страказа хацела лепш разгледзець гэтую істоту. Пачала паціху паварочвацца. Істота ў вадзе – таксама. Вось тут Страказа і ўцяміла, што гэта ж яе адбітак! Страказа хуценька ўзнялася ўгору і крыкнула:
– Ага! Вось паглядзіце, а вочы мае не лопнулі! – і паляцела, задаволеная сама сабой…
– А якія ў мяне вочы? – заклапочана пытала Кацярынка.
– У цябе самыя прыгожыя вочкі ў свеце, – сказаў дзед Лявон і на дыбачках пайшоў з пакоя. – Прыемных табе сноў, Страказа! – дадаў ён і падумаў: “Ці зразумела яна што-небудзь?”
А вы?
Леанід УЛАШЧАНКА