Фінансы ад А да Я. Лiтара В
В. ВАЛЮТА
Слова “валюта” паходзіць ад старажытнага лацінскага слова “valeo”. Яно азначала – “каштую”. Дык вось чаму ўсе грашовыя адзінкі, якія маюць свой кошт, называюцца валютай.
– У цябе ёсць валюта? – цікавіцца Янка ў сябра.
– Ёсць! – адказвае Толік і нават паказвае. – Глядзі, во гэта нашы, беларускія рублі. Гэта – расійскія. У мяне ёсць адзін амерыканскі долар.
Мудры Грошык дае сябрам заданне разгадаць красворд. Калі правільна ўпісаць адказы ў клеткі па гарызанталі, то па вертыкалі можна прачытаць назву грашовай адзінкі. Ёй карысталіся нашы продкі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
- Грашовая адзінка В’етнама.
- Грошы еўрапейскіх краін.
- Грошы, якімі карыстаюцца палякі.
- Валюта, якая раней, да ўступлення ў Еўрасаюз, была ў Аўстрыі.
Адказы (для нас): 1. донг, 2. еўра, 3. злоты, 4. шылінг.
Г. ГАРАНТЫЯ БАНКАЎСКАЯ
Янка кажа Мальвіне:
– Дай мне пачытаць тваю кнігу казак. Гарантую вярнуць праз тыдзень.
Гарантыя – гэта парука, залог, умова, абавязак.
Вось і банк мае свае гарантыі перад кліентамі. Захоўвае іх зберажэнні. Налічвае гарантаваныя працэнты. Гарантуе вяртанне ўкладаў.
Існуе нават дзяржаўнае Агенцтва, якое гарантуе разлічыцца з усімі кліентамі, калі банк па нейкіх прычынах перастае існаваць. У нашай краіне дзейнічае Закон “Аб гарантаваным вяртанні банкаўскіх укладаў фізічных асоб”. Бачыце, сябры, грошы – важны капітал і людзей, і банкаў. Ім гарантавана бяспечнае жыццё ў нашай краіне.
Дамашнія заданні
- Ад чаго залежыць кошт валюты:
ад памераў грошай,
ад рашэння кіраўніка банка,
ад таго, як працуюць заводы, фабрыкі, фірмы?
2. Ці ёсць ВАДЗЯНЫЯ ЗНАКІ на вашых грошах? Для чаго яны друкуюцца? Што гарантуюць?
3. Як можна назваць чалавека, які дае слова, гарантуе нешта зрабіць, а пасля парушае свае абавязкі?
Беларусбанк + “Вясёлка” = сумесны творчы праект па асвеце юных фінансістаў і банкіраў. Падарункі, прызы выдатнікаў вучобы чакаюць вас. Пішыце!