Да юбілею пісьменніка Уладзіміра Ліпскага
Словам шчырасці і дабра
6 мая 2015 года пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, Уладзімір Ліпскі адзначае свой юбілей – 75-годдзе. Усё сваё свядомае жыццё ён прысвяціў дзецям: 37 гадоў ўзначальвае часопіс “Вясёлка”, а год назад стварыў для дашкольнікаў часопіс, чытанку-маляванку “Буся”. Гэтыя выданні 15-тысячным тыражом прыходзяць у кожны раён, іх выпісваюць сем’ямі, чытаюць у бібліятэках.
Уладзімір Ліпскі вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Яго мастацка-дакументальныя аповесці, эсэ, нарысы і апавяданні, кнігі для дзяцей перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, нямецкую мовы. Творчасць гэтага мастака слова ўключана ў вучэбныя праграмы школ, педагагічных вучылішчаў і каледжаў, вывучаецца на філалагічных факультэтах ВНУ педагагічнага профілю. Як старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў ён клапоціцца пра лёс дзяцей-сірот, чарнобыльцаў: яго кнігі “Падкідыш”, “Бацькі і дзеці”, “Мама. Малітва сына”, “Бацька. Лісты на неба” ўздымаюць глыбокія пытанні сямейнага выхавання, духоўнасці, вучаць уважліва і чула ставіцца да маленькіх сэрцаў, што прагнуць дабрыні і спагады. Нездарма пісьменнік Анатоль Кудравец пра кнігу Уладзіміра Ліпскага “Мама. Малітва сына” напісаў, што “адкрытасць, шчырасць пераводзяць кнігу-споведзь з абсягаў вельмі асабістых у абясягі грамадска-значныя, грамадска-неабходныя”. “Яна вяртае нас у вечнае – туды, дзе праўда, чысціня, радасць”, — упэўнена і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.
Такія кнігі юбіляра, як “Я. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод”, “Янкаў вянок” (дзецям пра Янку Купалу), “Жыві сёння”, “Сонца над галавой”, “Вясёлка над Нёманам”, “Я тут жыву” выводзяць аўтара на абсяг лепшых узораў сучаснай беларускай літаратуры.
Уладзімір Ліпскі – выдатны пісьменнік-дакументаліст. “Біяграфічны жанр ён засвойваў, працуючы над кнігамі “Крутыя вёрсты” (пра Героя Савецкага Саюза Зінаіду Тусналобаву-Марчанка), “Урокі Купрэвіча” (пра славутага беларускага акадэміка), “Невядомы” (пра Ігната Грынявіцкага), “Мужык” (пра Аляксея Скакуна)”, — адзначыў у сваёй рэцэнзіі пісьменнік, дырэктар выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч.
Шмат казак напісаў Уладзімір Ліпскі для дзяцей вясёлкаўскага ўзросту. У жанрах казак, аповесцей, апавяданняў выйшлі яго папулярныя кнігі “Каралева белых прынцэс”, “Прыгоды Нуліка”, “Наша Маша”, “Вясёлая азбука”, “Антонік-Понік”, “Гостинец” (выдавецтва “Детская литература”), “Золотой домик” (на рускай мове, выдавецтва “Мастацкая літаратура”).
Пра Уладзіміра Ліпскага, яго стаўленне да Дзяцей і дзіцячай літаратуры вельмі вобразна напісаў некалі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:
Скачыце, зайчыкі і ліскі,
З настроем будзьце, таты, мамы.
Няхай жыве Уладзімір Ліпскі –
Сярод дзяцей дарослы самы!
Уладзімір Ліпскі імкнецца сваёй творчасцю і грамадскай дзейнасцю сцвярджаць Дабро, вучыць любіць сваю Радзіму і кожнага чалавека ў ёй, адчуваць радасць ад жыцця і літаратуры. Відаць, таму ён і стаў заснавальнікам найбуйнейшага ў Беларусі свята народнага гумару ў Аўцюках. Народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў адзначыў: “Можна з радасцю засведчыць, што на Палессі нарадзілася новая, адмысловая традыцыя”.
Кандыдат філалагічных навук, літаратуразнавец Маргарыта Яфімава склала кнігу “Уладзімір Ліпскі: Не выжываю, а жыву!”. У кнігу ўвайшлі шматлікія рэцэнзіі пра творчасць і грамадскую дзейнасць Уладзіміра Ліпскага. Супрацоўнік навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Ірына Буторына напісала пра пісьменніка кнігу “Свой у краіне дзяцінства”. А Гомельскае тэлебачанне ў серыі “Постаці” стварыла фільм пра свайго знакамітага земляка Уладзіміра Ліпскага. Па вызначэнні Нацыанальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Ліпскі ўключаны ў раздзел “Персаналіі”, у лік пісьменнікаў, творчасць якіх і складае гісторыю беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.
Вядомы беларускі мастак, аўтар славутага цыкла “Мадонны” Аляксей Кузьміч пісаў: “Талент Уладзіміра Ліпскага шматгранны. Яго сонечнай энергіі хапае на ўсё. Скажу больш: ягонае жыццё напоўнена залатым і радасным святлом. Уладзімір Ліпскі тонка разумее прыгажосць, адчувае гармонію і бязмежна любіць жыццё. Няхай жа і далей яго талент адухаўляе людзей, увесь свет”.
Сапраўды, няхай гэта будзе пажаданнем юбіляру – выдатнаму пісьменніку, галоўнаму рэдактару папулярных часопісаў для дзяцей “Вясёлка” і “Буся” Уладзіміру Сцяпанавічу Ліпскаму. Няхай яго слова шчырасці і дабра жыве ў сэрцах дзяцей і дарослых!
Ад імя рэдкалегіі і рэдакцыі часопісаў “Вясёлка” і “Буся” —
Маргарыта Прохар,
Раіса Баравікова
Свае публікацыі, віншаванні, пажаданні, пытанні на адрас юбіляра дасылайце:
220073, Мінск, вул. Кальварыйская, 25, “Вясёлка”
Тэл. 200 92 61, 200 91 90, 200 81 92, 204-62-83
Сайт “Вясёлкі”: www.veselka.by
E-mail: vyaselka2011@yandex.by
Асабісты сайт пісьменніка: www.lipskivs.by