Зайчынае свята ўраджаю
Пятница, 3.04.2015 08:05. Рубрика: Вершы
Заяц з зайчыхаю і зайчаняты
У агародзе сваім каля хаты
Дружна сабралі ўраджай найбагаты:
Морквы,
капусты,
бабоў,
буракоў,
Бульбы
і рэпы
аж дзесяць мяхоў!
З раніцы ў зайца вясёлы настрой –
Будзе што есці сямейцы зімой,
І, каб адзначыць зайчынае свята,
Вогнішча заяц расклаў каля хаты,
Грэчневай кашы кацёл наварыў,
Кубкі паўнюткія квасу наліў
І зайчанятак сваіх пахваліў,
Што пад кустамі ў цянёчку не спалі,
Маме і тату ўвесь час памагалі
У агародзе палоць,
паліваць,
Мушак, казюрак ад град адганяць.
Квасу папіўшы, зайцы заспявалі
Песню пра моркву,
пасля – станцавалі.
І праляцеў незаўважна дзянёк,
Светлы,
вясёлы,
нібы матылёк…
Віктар ШНІП