На канікулах
Суперзагадка-шарада
У час канікулаў бацькі запісвалі ў школьны лагер дзяцей. Разам з усімі запісалі дзяцей і бацькі Васі Вясёлкіна і Васілінкі. У гэты дзень раніцай школьнікі сядзелі ў сталоўцы і чакалі, калі пададуць сняданак.
– І што смачнае нам сёння прынясуць? – запытаўся малы Міхасёк.
Васілінка раптам усміхнулася і сказала:
– А я ведаю пра такіх, як ты, каламбур. Вось паслухай:
Каб школьнікаў парадаваць,
Сняданак ім пара даваць!
А ім, малым, цікава:
Какава там ці кава?
Усе засмяяліся, а званчэй за ўсіх – Міхасёк.
У гэты момант увайшоў важаты атрада Іван Іванавіч і сказаў:
– Сёння мы пойдзем у госці. Непадалёк адкрыўся спартыўны комплекс, і нас запрасілі на свята. Але напачатку разгадайце шарады:
Калі да назвы самай верхняй часткі
снежнага покрыва
дадаць адну літару,
атрымаецца імя дзяўчыны.
(НАСТ + А = НАСТА)
Калі дадаць дзве першыя літары
ад назвы рэчыва, што плыве над комінамі
ў халоднае надвор’е,
(ДЫМ)
да апошніх літар назвы расліны,
якая нас апранае,
(ЛЁН)
а потым скласці ўсе гэтыя літары разам,
вы прачытаеце, куды мы пойдзем!
(НА СТАДЫЁН)
Ледзьве атрад выйшаў за агароджу школы, важаты спытаў:
– Бачыце агароджу, складзеную з цэглы? А яна мае і іншую назву.
Калі да назвы гарадскога сада (ПАРК)
прыкласці марку самалёта, (АН)
атрымаецца іншая назва агароджы. (ПАРКАН)
Школьнікі пайшлі далей. Неўзабаве пачулі гукі музыкі. Гэта іграў аркестр на стадыёне, на які яны хутка прыйшлі. Людзей было шмат. Спартсмены выходзілі з-пад трыбун і праходзілі па бегавой дарожцы. Адна калона змяняла другую. Неслі каляровыя шары, сцягі і кветкі. А ў заключэнне на некаторы час змоўк аркестр, і на сярэдзіну футбольнага поля выбеглі гімнасты – хлопцы і дзяўчаты. Там стаяла зваранае з нержавеючай сталі прыстасаванне. На яго хутка ўзлезлі спартсмены. Зноў зайграла музыка, і яны пачалі рабіць гімнастычныя практыкаванні. Гэта было так прыгожа, што гледачы ўсталі і стоячы апладзіравалі спартсменам.
– Вы ведаеце, якую назву мае гэтая прыгажосць? – запытаўся важаты.
Першы склад –
назва грэчаскай літары. (ПІ)
Другі склад –
назва катамарана з трыснягу. (РА)
Трэці склад –
назва адной з нот. (МІ)
Чацвёрты –
першыя дзве літары з назвы таго,
што пакрывае кожны будынак. (ДАХ)
На гэтым свята закончылася. Задаволеныя і вясёлыя, школьнікі вярнуліся ў школу, а адтуль разышліся па дамах.
Уладзімір Мацвеенка