Новы дзень
Конкурс “Чароўны куфэрак”
Ірынка прачнулася задоўга да таго, як расплюшчыла вочы. Прачнулася ад таго, што нешта лашчыла яе твар. Здагадалася: гэта сонейка. Так прыемна ў халодны зімовы дзень адчуць дотык цёплых, пяшчотных прамянёў. Так салодка прачынацца з добрым настроем. На душы спакойна. Ірынка ўсміхнулася. Паляжала некалькі секунд. Трэба падымацца. Яна павінна дапамагчы бацьку карміць хворую маму.
Падышла да акна.
Ранак толькі пачынаўся, але снег, быццам ліхтары, падсвечваў наваколле. Ноччу выпаў свежы сняжок, і таму ўсё пералівалася бліскучымі іскрынкамі.
Раптам на далонь Ірынцы скокнуў аднекуль сонечны зайчык. Дзяўчынка патрымала яго на далоні, а потым ёй захацелася сціснуць кулачок, каб зайчык застаўся назаўсёды.
I толькі яна падумала пра гэта, як сонечны зайчык пераскочыў на стол і загаварыў з ёю:
– Я ведаю, што ў цябе сёння дзень нараджэння. Я прыйшоў павіншаваць. А яшчэ магу выканаць тры твае самыя запаветныя жаданні. Толькі яны павінны быць самыя-самыя. Думай, перш чым загадаць.
– Што ж мне загадаць? Можа, пажадаць новы ноўтбук? Не. Можа, новы веласіпед? Зноў не. Можа, можа, можа… Не, не, не. Гэта ўсё не тое. Не тое. А што можна жадаць: рэчы ці нешта іншае?
– Загадвай усё, што хочаш, нават здароўя.
– Здароўя? Я ніколі не хварэла. Навошта яго загадваць?
I раптам Ірынка падумала пра маму. Яна даўно хварэе. Дактары сказалі бацьку, што надзеі мала. Дзяўчынка чула, як учора на кухні пра гэта размаўлялі бацька з цёткай Ганнай. Яны гаварылі вельмі ціха. Але Ірынка ўсё чула.
– Я хачу пажадаць здароўя для мамы. На ўсе тры жаданні. Сонечны зайчык, прашу, зрабі так, каб мама не хварэла, каб яна паправілася!
Сонечны зайчык радасна падміргнуў і знік. А Ірынцы даслаў эсэмэску: “Трэба верыць у цуды. Што пажадаеш раніцай, тое абавязкова здзейсніцца. Толькі жаданні павінны ісці ад шчырага сэрца”.
Вікторыя ЧАРАВАКА, г. Мінск, СШ № 45.