Боты
Калі быў хлапчуком я дасужым і смелым,
Вельмі часта на кут заглядаўся ўпотай,
Дзе, накрыўшы рупліва хусцінкаю белай,
Маці моўчкі павесіла бацькавы боты.
Я прасіў, каб дазволіла мне ў іх матуля
Сярод хлопцаў-сяброў пафарсіць хоць разочак,
А яна мяне моўчкі да сэрца прытуліць,
І ажно заслязяцца матуліны вочы.
Ішоў час, я падрос, і лісток пахавальны,
Можа, сотню разоў прачытаў разам з ёю,
А яна памаўчыць, за навуку пахваліць
І адмоўна хітае ў адказ галавою:
“Не чапай мех, сынок. Можа, вернецца бацька,
Можа, дзесь ён яшчэ дабіраецца з фронту.
І тады ў цябе будуць такія, як цацка,
Па назе, адмысловыя, новыя боты”.
Боты бацькавы мне ўжо малыя памерам
І цяпер да паслуг у мяне ўсе даброты,
Але толькі, як хтосьці пастукае ў дзверы,
Маці позірк кідае на бацькавы боты.
Іван СТАДОЛЬНІК