Крышку пра кніжку
То ж быў час, калі дзеткі беларусаў не мелі кніжак на роднай мове. Адным з першых, хто парупіўся, каб такія кніжкі з’явіліся, стаў Карусь Каганец. Пад гэтым псеўданімам друкаваўся Казімір Карлавіч Кастравіцкі.
Карусь Каганец цікавіўся гісторыяй роднага краю і яго маляўнічай прыродай, запісваў народныя легенды і паданні, працаваў над беларускім слоўнікам, быў здатным мастаком. У 1906 годзе выдаў “Беларускі лемантар”. Так тады называўся буквар.
Выдавецтва “Мастацкая літаратура” знаёміць юных беларусаў з тымі творамі, па якіх вучыліся нашы продкі на пачатку мінулага стагоддзя. Таму і наладзіла выданне кніг у серыі “Даўнейшая чытанка”. Якраз у ёй і выйшла кніга Каруся Каганца “Нашыя птушкі”. Ёсць у чытанцы і аднайменны раздзел, у якім распавядаецца пра крылатых сяброў: шпака, варону, сароку, сойку, дразда… Колькі цікавага даведаецеся вы з гэтых сціслых абразкоў! А калі пажадаеце, то нават можаце вывучыць на памяць вершы пра салавейку, жавароначка і ластавачку.
Апроч аповедаў, вершаў пра птушак, у кнізе Каруся Каганца змешчаны і казкі. У іх – гісторыі пра тое, адкуль узяліся мядзведзь, зязюля. А яшчэ – як вандравала кропелька расы і чаму скрыпач для ваўка іграў. Галоўнае ж – вы будзеце ведаць, што чыталі нашы продкі ў вашым узросце.
Вася Вясёлкін