Бяззубы Воўк
Косці трушчыў,
Шчоўк ды шчоўк –
Без зубоў застаўся
Воўк.
Свет перавярнуўся быццам,
Воўк-туляга выць баіцца:
Без зубоў
Не тая хватка,
Стаў рахманым, як цялятка.
Не грызе касцей і мяска,
Вось арэхі –
Калі ласка!
І вавёрка баравая
Лушчыць іх не паспявае,
Уначы не спіць, нябога,
Бо арэхаў
Трэба многа.
Воўк таўчэ іх,
Кашу варыць,
Мірна ў лесе
Гаспадарыць.
Пад кустом,
У ціхай хаце,
Зайчанятак цешыць маці:
– Гэты воўк
Зайцоў не губіць,
Гэты воўк
Арэхі любіць!..
Асмялелі зайчаняткі,
Не ўцякаюць без аглядкі.
Воўк сустрэнецца ў глушы –
Цвеляць:
– Зубы пакажы!..
І смяюцца,
Скачуць,
Босыя,
Побач,
Перад самым носам.
У дубовай ступе воўк
Мех арэхаў ператоўк.
І вавёрка баравая
Ўжо грыбы яму збірае:
Воўк іх сушыць
І для смаку
Дабаўляе ў верашчаку.
А вавёрцы, хоць крычы,
Ад ваўка ўжо не ўцячы.
Лесніка сустрэла:
Можа,
Ёй ляснік той чым паможа?
Абнадзейвае ляснік:
– Памагаць звярам прывык.
Прыгажунька баравая!
Брат мой кузню ў вёсцы мае,
Майстар коўкі –
Лёгкай, грубай,
І ваўку з металу зубы
Выкуе,
Уставіць ён.
Будзе воўк –
Як маладзён!..
Сам ляснік ваўка прывёў
На падворак кавалёў.
Там каваль яго, ваўка,
Прывязаў да лежака,
Даў пасля наркозу ўволю,
Каб не выў бядак ад болю.
Малаток і клешчы ўзяў,
Кажа:
– Рот шырэй разяў!..
Нержавеючую сталь
Выбраў для зубоў каваль.
Воўк удзячны
Ступу з дубу
Кавалю аддаў –
За зубы.
А вавёрка баравая
Для сябе грыбы збірае
Ды арэхі носіць зноўку
У дупло – сваю кладоўку.
Мікола Маляўка