Гадзіннік: гісторыя з боем, куваннем і ціканнем
Адкрыцці стагоддзяў
Даўным-даўно, калі гадзіннікаў не было, людзей выручала сама прырода. Заўважана: першы раз певень кукарэкае каля дзвюх гадзін ночы, а другі раз – каля чатырох гадзін раніцы. Дапамагалі і кветкі. Дзьмухаўцы, да прыкладу, раскрываюцца ў пяць гадзін раніцы, а гарлачыкі – у сем… Чым не жывыя гадзіннікі?
Самы старажытны рукатворны гадзіннік, якім карысталіся людзі, – сонечны. Цыферблат такога гадзінніка размяшчалі на адкрытым, ярка асветленым сонцам месцы, а стрэлкамі гадзінніку служыў стрыжань, які адкідваў цень на цыферблат. Праўда, хібаў у такога гадзінніка багата: па-першае, час ён паказвае прыблізна. А як вызначаць час у пахмурнае надвор’е, у пару, калі сонейка ідзе на спачын?.. З даўніх часоў і ажно да сямнаццатага стагоддзя для вымярэння часу людзям служыў вадзяны гадзіннік, альбо клепсідра – цыліндрычны сасуд, з якога выцякае струмень вады. Са старажытнасці нам вядомы і пясочны гадзіннік. Яго да гэтай пары выкарыстоўваюць у медыцыне, калі неабходна адмераць невялікі, але дакладны адрэзак часу.
Механічны гадзіннік вынайшаў у 17 стагоддзі вучоны Хрысціян Гюгенс – ад той пары яны аддана служаць людзям. Цяпер ёсць нават электронныя і кварцавыя гадзіннікі.
А вось самым дакладным сярод сучасных гадзіннікаў лічыцца атамны.
Гадзіннікі падзяляюцца на хатнія, наручныя, кішэнныя, настольныя, напольныя, вулічныя, камінныя, будзільнікі… Яны не толькі цікаюць! Любімыя ўсімі гадзіннікі з зязюлькай ўмеюць куваць. А ёсць гадзіннікі, якія ўмеюць біць – але за гэта на іх ніхто не крыўдуе і не лічыць забіякамі, бо з дапамогай гучнага бою яны проста паведамляюць пра тое, што прайшла яшчэ адна гадзіна.
На гарадскіх вуліцах і плошчах таксама ёсць гадзіннікі. Калі ў 1600 годзе ў Мінску на Высокім Рынку пабудавалі ратушу, то яе вежу аздобілі гадзіннікам – для таго часу гэта было надзвычайнай каштоўнасцю.
Найстарэйшы не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе гадзіннік знаходзіцца на вежы касцёла на Савецкай плошчы ў Гродне. А вось самы знакаміты беларускі гадзіннік – на адной з вежаў Прывакзальнай плошчы ў Мінску. Даўжыня яго мінутнай стрэлкі больш за два метры! Менавіта гэты гадзіннік бачаць беларусы на экранах тэлевізараў у навагоднюю ноч.
Гадзіннік даўно ўжо – не раскоша, а неабходны памочнік і сябра людзей. Пры жаданні кожны можа даведацца час з дакладнасцю да секунды і набыць гадзіннік.
Беларусы ж не проста сочаць за часам. Мы маем свой гадзіннікавы завод “Луч”(“Прамень”). У 1956 годзе былі выпушчаны першыя беларускія гадзіннікі.
Алена МАСЛА