Мудрэц і асёл
Аднойчы ў мудраца Алі скралі асла. А паколькі Алі быў сапраўдным мудрацом, то не кінуўся на злом галавы шукаць злодзея і, вядома ж, нікому не стаў скардзіцца.
Людзі ўпотай пасміхаліся, а каб не пакрыўдзіць Алі, прытворна перад ім вохкалі, ахалі, клялі на чым свет злодзея, жадаючы яму ўпасці з асла і зламаць ногі. Апроч спачувальных слоў, якіх людзі ніколі не шкадуюць, яны нічым не маглі дапамагчы мудрацу.
А той проста сядзеў каля крыніцы і адпачываў. Думаў пра невядомага злодзея, пра вернага і незаменнага свайго асла. Асла шкадаваў. Злодзея – не вельмі.
Асёл быў для Алі нібы талісман. Як ні дзіўна, Алі часта пазнавалі праз асла, які пакорліва служыў свайму гаспадару. Асёл таксама быў мудрым. А два мудрацы, як бы ні разлучаў іх здрайца-лёс, абавязкова сустрэнуцца. Там, дзе і належыць сустракацца мудрацам, – каля крыніцы.
Алі тлумачыў людзям:
– Разумны чалавек не скрадзе ў Алі асла. Ён не будзе ганьбіць сваё імя. Гэта ж адзіная мая ўласнасць. Да таго ж я яшчэ не навучыў асла чытаць, як некалі абяцаў шаху Хаджы Насрадзіну. А неразумнаму тым больш не патрэбны мой асёл. Бо з ім ён будзе выглядаць закончаным дурнем. Я думаю, асла скраў чалавек, які апынуўся на мяжы розуму і дурноты. А таму неўзабаве яму стане сорамна за свой учынак, і мой асёл будзе зноў са мной.
Складна гаварыў Алі, любілі яго слухаць людзі. Але ўсе пацяшаліся з таго, што і мудраца, як звычайнага чалавека, абвялі вакол пальца.
Аднак неўзабаве каля крыніцы ўбачылі асла. Жывога і здаровага. Ды яшчэ са скураным сядлом на спіне.
Ну як пасля гэтага не паважаць мудраца? Што ні кажы, а мудрасць – рэч карысная, нават у гаспадарцы можа спатрэбіцца.
– Вось бачыце, – тлумачыў Алі цікаўным, – чалавек першы раз асароміўся, украўшы асла. Другі раз асароміўся, асядлаўшы яго, ды яшчэ скураным сядлом. І трэцім разам асароміўся, калі згубіў і асла, і сядло.
І сапраўды, за аслом ішоў гаспадар сядла, якога скінуў асёл. Праўда, той не зламаў ног. Ён ішоў і ўвесь час паўтараў: “Як жа так можна? Ах, нягоднік!”
Людзі чулі тое і таксама паўтаралі словы нікчэмцы-злодзея.
Злодзей быў упэўнены, што ніхто не ведае пра яго ўчынак. Але ў гэтай гісторыі ён страціў больш за ўсіх. Скураное сядло ён набыў для каня, якога яшчэ не меў. Было крыўдна так недарэчна страціць дарагое і прыгожае сядло. Ён больш за ўсіх абураўся ўчынкам таго нягодніка, што хацеў разлучыць нашага наймудрэйшага Алі з не менш мудрым аслом.
Словы яго спачування былі шчырымі – ён жа аплакваў сваё сядло.
– Як можна ўкрасці асла ў такога чалавека, як Алі? – праз слёзы прамаўляў ён.
Асёл ведаў прычыну слёз, але мудра пра ўсё маўчаў. Толькі стрыг вушамі, быццам вытрасаў тую хлусню, якой набіваў іх нягоднік.
Словы і слёзы незнаёмца расчулілі Алі. Ён падышоў да асла, зняў з яго спіны чужое скураное сядло і паклаў яго да ног таго, хто плакаў:
– Не плач, шаноўны! Забірай сядло і памятай Алі. Яно не для майго асла. Хай таму неразумнаму чалавеку будзе ўрок. Не трэба браць чужое, тады не згубіш і свайго…
Былы злодзей зусім не чакаў такога выніку і, хаваючы радасць, хуценька знік. Сведкі гэтага зайздросліва глядзелі яму ўслед і думалі, што спачуваць Алі трэба неяк інакш, больш энергічна. Тады і карысць ад гэтага нейкая будзе. Ніколі не ведаеш, чаго можна чакаць ад мудрацоў.
Кажуць, злодзей потым усё ж узбіўся на грошы і купіў каня. Але з таго часу, убачыўшы дзе-небудзь беспрытульнага асла, заўсёды зварочваў убок.
Ганад ЧАРКАЗЯН
З курдскай мовы пераклаў Казімір Камейша