«Дабрадзей для ўсіх дзяцей» Уладзімір Ліпскі
Уладзімір Ліпскі
Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
9. Юні-Юні ў зубрынай школе
З першага верасня, як і ўсе чалавечыя дзеці, насельнікі дуброў, бароў, гаёў пачалі вывучаць азбуку.
Упаўнаважаны па правах дзіцяці пушчанскі Зубр запрасіў Юні-Юні наведаць лясную школу. І дабрадзей, як толькі пачуў сваю выклічку-заманку, тут жа завітаў у Зялёную Дуброву.
На вялізнай паляне, якая нагадвала спартыўны стадыён, сабраліся ўсе, хто жыў у лесе. Завіталі на вучобу бацькі і дзеці. Да ўсіх паважліва звярнуўся сам спадар Зубр:
– Сябры, людзі прыдумалі для сваёй адукацыі азбуку. Яна ўтворана з розных літар. Хто гэтыя літары вывучыць, той зможа складваць з іх словы. А значыць, навучыцца чытаць і пісаць.
– Дык як жа тыя літары спазнаць? – азваўся рагаты Алень.
– Вось тваё імя на літару “А”, з якой і пачынаецца алфавіт.
– Цікава атрымліваецца, – чмыхнуў Барсук, – чым я горшы за гэтага рагаля?
– Тваёй літарай “Б” прадаўжаецца алфавіт, – супакоіў Зубр жыхара земляной нары.
Далей на ўроку вывучалі літару “В”. І прыгадалі, што з яе пачынаюцца імёны Вавёркі, Ваўка, Вужа, Вароны.
На “Г” назвалі Гадзюку, Голуба, Глушца, на “Д” – Дзятла, Дзіка, Дразда, на “Ж” – Жука, Жабу, Жураўля, Жаўну, Жаваранка.
А калі пачалі вывучаць літару “З”, Русы Зай падняў лапу і сказаў:
– Мы, Зайцы, заўсёды зубрым азбуку. Зубрым зуброўку, зубрым розную зеляніну…
Зая супыніў Зубр, патлумачыў:
– Зубрыць і мы, Зубры, умеем. А вось як пішацца літара “З”, не ўсе бачылі, – і настаўнік папрасіў Вужа, каб той выгнуўся ў два паўшар’і, якія нагадалі вучням зычную літару.
Урок быў цікавым, але Зубр адчуў, што непаседы-дзеці пачынаюць раздражнёна варушыцца, яшчэ не прывыклі да доўгіх урокаў. Тады і паступіла прапанова настаўніка:
– Давайце дамовімся: да наступных заняткаў кожны з вас прыдумае жывёл, раслін, птушак, насякомых на астатнія літары алфавіта.
– Агучце спіс астатніх літар, – папрасіла Ліса.
– Вось ты, кумачка, і носіш у сабе новую літару. Ці ведаеш, якую? – спытаў Зубр.
– Ха, усе ведаюць, што Ліса заўсёды носіць на сабе футра, любіць лавіць мышэй.
– Ага, бачыце, – піскнула Шэрая Мышка, – яна не ведае, як пішацца яе імя, толькі нас ганяе.
У спрэчку ўмяшаўся Юні-Юні:
– Паважаныя вучні, у школе ніхто нікога не павінен крыўдзіць. Тут, як і дома, у сям’і, строга захоўваюцца ўсе правы дзіцяці. Паслухайце, што напісана ў Канвенцыі.
Юні-Юні раскрыў патрэбную старонку кніжкі з блакітнай вокладкай і гучна, каб усе чулі, патлумачыў дваццаць восьмы артыкул:
– Дзяржавы прызнаюць права дзіцяці на якасную адукацыю. Кожнае дзіця мае роўныя магчымасці ў вучобе. Пачатковая адукацыя, вось як у вас, – гэта абавязковы этап навучання. І далей, сярэдняя адукацыя і вышэйшая павінны быць даступныя кожнаму. Тут трэба трымаць дысцыпліну і самім вучням, паважліва ставіцца адзін да аднаго, навучыцца аберагаць уласны нагор.
– А для чаго нам патрэбна гэта вучоба? – нечакана, як бы толькі прачнулася, спытала бухматае медзведзяня.
– На гэта пытанне Канвенцыя дае такі адказ, – і Юні-Юні пачаў пераказваць 29-ы артыкул Канвенцыі. – Адукацыя дзіцяці павінна быць скіравана на развіццё асобы, яго талентаў, разумовых і фізічных здольнасцей, выхаванне павагі да бацькоў, іх культуры, мовы, падрыхтоўку дзіцяці да самастойнага жыцця ў грамадстве, разумення, міру, цярплівасці і сяброўства.
Юні-Юні змоўк. На паляне стаяла цішыня. Ён адчуў, што не ўсе лясныя вучні зразумелі яго прамову, і звярнуўся да медзведзяня:
– Вось вы, шаноўны, ведайце, што вашы родзічы, калі старанна вучыліся, то маглі быць артыстамі ў кіно і цырках. Станавіліся героямі казак і аповесцей…
– Карацей кажучы, – падвёў вынікі заняткаў Зубр, – як любая доўгая дарога пачынаецца з першага кроку, так і шлях да ведаў пачынаецца са знаёмства з алфавітам. Помніце дамашняе заданне?
– Помнім, помнім! – на ўсе галасы зашумела Зялёная Дуброва.
Вясёлае рэха панеслася па ўсёй лясной краіне.
Працяг у наступным нумары.