Кот і ліса (з народнага)
У хаціне цеснай, зябкай
Каля сосен ціха жыў
Працавіты дзедка з бабкай
І ніколі не тужыў.
Жыў пры іх і кот старэчы.
Хоць зусім і не аслеп,
Ды, як думаў дзед на печы,
Кот даўна чужы еў хлеб.
Супу неяк дзед пасёрбаў,
З цёплай печы потым злез,
Запіхнуў ката у торбу
І занёс глыбока ў лес.
Кот ідзе па лесе, плача –
Гэткі ў сэрцы жаль і сум.
Але выцер слёзы – бачыць
Рыжахвостую лісу.
Стала побач. Мышка ў роце.
А навокал – цёмны лес.
І сказала: – Што ты, коця,
Гэтак моцна слёзы льеш?
– Як жа мне, ліса, не плакаць?
Паміраю ад жуды:
Гаспадар мяне, як лапаць,
З хаты выкінуў сюды.
– Каб не спаў ты пад сасонкай
І забыў хутчэй бяду,
Стану я тваёю жонкай,
У палац свой завяду…
Дні ідуць, мінуюць ночы –
Кот жыве як маладзец.
Толькі раніцай аднойчы
Затрашчаў галлём мядзведзь.
Разляцеліся сініцы,
У нару барсук палез.
З хаты выбегла лісіца
І крычыць на цэлы лес:
– Зараз мы паглядзім,
Хто буяніць у лесе маім!
Вось я мужа свайго пазаву –
Ён касою знясе галаву!..
Мішка бедны тут спужаўся,
З ног усіх назад памчаў.
А праз дзень па гэтым часе
Воўк у голлі затрашчаў.
На пагрозы не скупіцца,
Горла чорнае дзярэ.
Ну а хітрая лісіца
Выйшла ў боціках з дзвярэй:
– Зараз мы паглядзім,
Хто буяніць у лесе маім!
Вось я мужа свайго пазаву –
Ён касою знясе галаву!..
Воўк адразу шусь пад шаты,
Затаіўся гарлапан.
А праз дзень ля самай хаты,
Чуюць, рохкае кабан.
З-пад лыча зямля ўзлятае,
На клыках галлё трашчыць.
Тут лісіца выбягае
І ад злосці зноў крычыць:
– Зараз мы паглядзім,
Хто буяніць у лесе маім!
Вось я мужа свайго пазаву –
Ён касою знясе галаву!..
І кабан адсюль наўцёкі,
Як ад страшнага агню.
Дзень прайшоў – і касавокі
Парушае цішыню.
Скача заяц і спявае,
Што не страшная каса.
Толькі з хаты выбягае
І гразіцца зноў ліса:
– Зараз мы паглядзім,
Хто буяніць у лесе маім!
Вось я мужа свайго пазаву –
Ён адразу знясе галаву!..
Заяц дужа не спужаўся
Гэтай страшнай сатаны,
Але бег – ажно куляўся
І парваў свае штаны.
А праз дзень звяры сышліся,
І пытаецца мядзведзь:
– Як жа гэтай смелай ліскі
Мужыка нам паглядзець?..
Вельмі доўга гаварылі,
Прымяралі ўсё як след.
І нарэшце так рашылі:
Запрасіць іх на абед!..
Мішка мёду даў нямала,
Заяц – хлеба, мяса – воўк,
А кабан – кубелец сала.
Паглядзелі – будзе толк!
– Хто ж запросіць іх дахаты? –
Воўк пытае. – Ты, мядзведзь?
– Што вы, я – валюхаваты,
Ногі я цягаю ледзь…
Зайца гуртам упрасілі.
Справа важная, не смех!
І пабег ён да лісіцы,
Так сказаў, калі прыбег:
– Добры дзень! Яснейшай знаці
Я прыйшоў сказаць якраз,
Што сягоння бацька з маці
На абед чакаюць вас…
І – хутчэй дадому заяц
Па куп’і і праз асцё.
На сталы ўсё чыста ставяць,
А калі зрабілі ўсё –
Мішка ўзлез на дуб высокі,
Воўк – пад куст, кабан – у мох,
У маліннік – касавокі.
І сядзяць. Учатырох.
Тут як тут і кот з лісіцай.
Дзіва: дзе ж лясны народ?
Нахапалі паляндвіцы
І жаруць на поўны рот.
А кабан глядзіць з зацішку,
Хвост падняў і апусціў.
Ну а кот падумаў: мышка,
Скок – і кіпці запусціў!
Тут кабан як ірванецца –
Мішку з дуба скінуў страх,
Воўк бяжыць – не азірнецца,
Следам заяц… Проста жах!
А ліса не рада вельмі,
Кажа: – Кот, каб ты прапаў!
Мы б яшчэ разок паелі,
І нашто ты іх чапаў?!
Уладзімір КАРЫЗНА