Займеннікі-найменнікі
Кагосьці
Чагосьці
Паклікалі ў госці:
– Прыходзь,
Як калісьці,
Цябе пачастую
Чымсьці.
– Збяруся я ў госці,
Як будзе хтосьці.
Адной нецікава штось.
Яшчэ запрасіла кагось?
Ды Штосьці
Кагосьці
Штурхнула, бы ў злосці:
– А Хтосьці,
Сусед мой,
Не госць?
Яго ты забыла чагось.
Ён што,
Будзе лішні камусьці?
– Даруй мне,
Забыла чамусьці.
– А Кімсьці з Кудысьці
Хіба не браты?
Такія ж займеннікі,
Як і ты.
Я ж сам, як ні дзіўна,
Чамусьці дваякі:
Род маю МУЖЧЫНСКІ,
Род маю НІЯКІ.
Бо хто я –
Займеннік,
Бо хто я –
Прыслоўе.
Чаму так?
Адказу
Пакуль не знайшоў я.
Як не разабрацца?
Спрачацца нягожа,
Матуля Граматыка
Нам дапаможа!
Дзіва-птушка Вуць-Віць-Вуд
Што за дзіва,
Што за цуд?! –
Бачыў птушку Вуць-Віць-Вуд
Я ля рэчанькі-ракі.
Што прымоўклі, дружбакі?
Вы не стойце, дзівакі,
А бяжыце да ракі,
Дык убачыце мой цуд –
Дзіва-птушку Вуць-Віць-Вуд.
Тут пабеглі да ракі
Гуртам хлопцы-дружбакі,
Ды не ўбачылі мой цуд –
Дзіва-птушку Вуць-Віць-Вуд.
А не ўбачылі чаму?
Мне вядома аднаму:
Тут успомнілася мне –
Прылятала ж птушка ў сне!
Мікола Чарняўскі