Вершыкi ад Змітрака Марозава
Среда, 21.09.2011 11:20. Рубрика: Вершы
Добры конік
У мяне ёсць конь драўляны,
Ён вясёлы і рахманы,
Цэлы дзень дзяцей ён возіць…
І зусім аўса не просіць!
Злы індык
Паглядзець рашыў Ягорка,
Хто ў бабулі на падворку.
Дзве казы, парсюк, пяць гусак,
Курак сем…
– Ой-ой, баюся!..
На падворку – тлум і крык:
Хлапчука прагнаў індык.
Пакатаўся
На свінні катаўся Гена,
Лужа Гену – па калена.
Не ўтрымаўся ён і ўпаў –
Мараком адразу стаў!
Страшная казачка
Хлопчык Пеця
З’еў мядзведзя,
А Гаўрыла – кракадзіла,
А Мікола – парася…
Вось і казачка уся!
Вясёлы пеўнік
Прачнуўся пеўнік раніцой,
Здзёўб зорку і запіў расой.
На вёску ўсю пачаў спяваць:
“Ку-ка-рэ-ку! Пара ўставаць!”