Закаханы трэцякласнік
Кніга Уладзіміра Ліпскага “Закаханы трэцякласнік” выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Ілюстрацыі да казак зрабіла вядомая мастачка Аксана Аракчэева.
Вы каталіся на крылатай машыне? Э-э давядзецца вам пазайздросціць Толіку і Алесі. Аднойчы іх запрасіў Казачнік у сваю дзівосную машыну “Опель-попель ШГК”. Толік адразу зацікавіўся: што азначаюць літары “ШГК”? Аказваецца, во што: “Шукаю Герояў Казак”.
Дзеці адразу прынялі прапанову Казачніка і паляцелі з ім у вандроўку. Як толькі ўзняліся над горадам, у якім яны жывуць, дык і пачаліся дзівосныя краявіды. Не трэба гойсаць за сінія моры, за высокія горы, атрымліваецца, што казкі жывуць побач з намі. Іх трэба ўмець бачыць, разумець, а галоўнае, упусціць у душу.
Вось з такім настроем Толік і Алеся з дапамогай Казачніка адкрываюць краіну Беларусь, у якой жывуць. У чароўных вандроўках яны знаёмяцца з Васем Вясёлкіным, наведваюць сядзібу Белага Бусла, сустракаюцца з Балотнікам-Усёведам, гасцююць у прыродных Жаніха і Нявесты, шукаюць хлеб для “Опеля-попеля”, сустракаюцца з Данашаўскім конікам, якому некалькі тысяч гадоў, слухаюць дзівосны аповед Сівога Бабра, раскрываюць тайну Зялёнага Агурка, трапляюць на свята Смеху. А на беразе старажытнай ракі Прыпяць адпачываюць, будуюць крэпасці, пішуць прызнанні на пяску…
Вандроўнікі з Казачнікам адкрываюць для Толіка і Алесі краіну, дзе жылі іх прапрапродзічы, у якой яны цяпер гаспадары. Вочы іх сталі болей чаго бачыць, вушы болей чаго чуць. Яны як бы адкрылі саміх сябе. А гэта і ёсць ізюмінка “Закаханага трэцякласніка”.
Другая аповесць-казка кнігі “Дабрадзей для ўсіх дзяцей” нібы дапаўняе першую. Раптам на Зямлю прылятае пасланец самога Сонца — сонечны промнік Юні-Юні. Маці дала яму наказ: “Ты, маё дзіця, светлае, прамяністае, усмешлівае, шчаслівае. Вось і падмагай малым зямлянам, каб і яны такімі былі”.
Юні-Юні прызямліўся ў краіне Беларусь. І тут пачынаюцца яго сустрэчы з беларусікамі, пачынаецца яго вялікая і вельмі патрэбная дабрачынная праца з адкрыццямі, задачамі, дзівоснымі парадамі. Дабрадзею шкодзіць злосны Казюра, але самі дзеці заступаюцца за Юні-Юні. У знак падзякі ён і Вася Вясёлкін складваюць для сваіх сяброў аповеды і казкі, якія становяцца дзецям добрай падказкай. Пад кожнай ёсць заданні — адказаць на пытанні. Чытайце і думайце, што за Белая Варона трапілася на вочы Дзяніску, як Хамячок хадзіў у госці да Крата, што пісаў Рыгорка ў “Салдацкім лісце” да Мамы, як Марынка была медсястрой, што за Дурны Кашаль прычапіўся да Антоніка і як ён прыдумаў Машыну Часу?..
“Закаханы трэцякласнік” просіцца ў кожную сям’ю, у якой жывуць Дзеці, вялікія летуценнікі і казачнікі. Можа, яны самі пра гэта яшчэ не ведаюць. Кніга Уладзіміра Ліпскага, вядомага пісьменніка Беларусі, шчырага Сябра дзяцей, дапаможа вам стаць чароўнікамі, адкрые дзівосы вакол вас ды навучыць цаніць кожны міг жыцця, спазнаць дабрыню сапраўдныя пачуцці.