Кухталь
Понедельник, 9.12.2019 18:07. Рубрика: Вершы, Хвілінкі-весялінкі
Жарт
Дзень падарункаў я хвалю,
Бо падарункі сам люблю.
Якім няўцямам трэба быць,
Каб падарункі не любіць?
Мне падарыў дзядуля вуду.
Я на раку хадзіць з ім буду.
Мо зловім сома на паўпуда!
А тата на футбол квіток
Падараваў: “Схадзі, сынок!”
Яшчэ футбольны мяч купіў,
І бутсы, мяч каб імі біў,
Здаровым рос і спорт любіў.
Мне падарыла ўсмешку мама,
І я — шчаслівы ў свеце самы!
Усё, што дораць, я бяру,
Вядома ж, “дзякуй” гавару.
Хацеў, каб Віцька — мой сусед,
Мне падарыў веласіпед.
А ён жа толькі: “Ля-ля-ля!”
І мне ў дарунак —
Кух-та-ля!
Дарункі — нібы манна з неба,
Іх мне вяртаць назад не трэба.
На вуха ж я табе шапну,
Што з іх адзін — усё ж вярну.
Які? Падумайце, браткі…
Уладзімір Бабкоў