Непералётны вырай
Четверг, 3.10.2019 08:18. Рубрика: Вершы
Сышліся хмары —
восені паслы.
І за акном не ціхне дождж-назола.
На поўдзень скіраваліся буслы,
а нас з табой ужо чакае школа.
Лістоту золкі вецер падхапіў
і закружыў яе ў апошнім танцы,
пад невясёлы восеньскі матыў
чапляецца за каўняры і ранцы.
То зарагоча,
То ледзь чутна кпіць,
То, як сабака, кінецца пад ногі.
Нібыта хоча
шлях перахапіць
ці збіць нас намагаецца з дарогі.
Ах, восень!
Ты стараешся дарма,
прыкрыўшыся залочанай парфірай.
Бо што нам дождж
ды блізкая зіма:
у нас тут свой —
непералётны — вырай.
Аж да званка не змоўкне гамана
у кожным класе вераснёвым ранкам.
Як быццам і не восень,
а вясна,
і школа —
велізарная буслянка.