Арфаграфічны слоўнік
Арфаграфічны слоўнік з’яўляецца даведнікам па правільным напісанні слоў. У яго ўключаны словы, якія можна сустрэць даволі часта і якія могуць выклікаць цяжкасці пры напісанні. Размешчаны яны ў алфавітным парадку з указаннем націску. Побач пазначаны некаторыя формы гэтых слоў і канчаткі. Напрыклад: часопіс, — а; — е; — аў. Канчаткі назоўніка часопіс можна растлумачыць так: у родным склоне – канчатак а (часопіса), у месным – е (часопісе), у родным склоне множнага ліку слова будзе мець канчатак аў (часопісаў).
У сучасным арфаграфічным слоўніку ўлічаны новыя правілы беларускага правапісу. Таму часцей заглядвайце ў яго, каб не зрабіць памылак. Хочаце праверыць сябе? Тады у словах фламаст.р, камп’ют.р, экскават.р, кап.люш, майст.р устаўце прапушчаныя літары. А пасля зазірніце ў арфаграфічны слоўнік, ці правільна напісалі.
Прапануем гульню “Настаўнік – вучань”: знайдзіце ў слоўніку рэдкія словы і папрасіце маму, тату ці сяброў запісаць іх пад дыктоўку. Затым памяняйцеся ролямі. А экзаменатарам на гэтым уроку будзе арфаграфічны слоўнік.
Ірына Буторына