Вершы на памяць
Артур Вольскі
Зорны кліч
Зацепліў зоры красавік,
Як маякі Сусвет,
Дзе недзе ў поле зорным знік
Палётаў першы след.
Патухлі ў доме ўсе агні.
Мне ж не заснуць ніяк.
Там, у міжзорнай вышыні,
Лятаў і мой зямляк.
Уладзімір Караткевіч
Маладая вясна
Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы,
А за імі, на скалах, дубоў галізна.
Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць
Маладая вясна.
Наталля Арсеннева
Красавік
Неба сіняе, сіняе, сіняе…
Ані межаў у ім, ані дна.
На зямлі ж прыгажуняй-княгіняю
пазірае мне ў вочы вясна.
Янка Купала
Вясна
Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей не мерзне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.
Вера Вярба
Пралеска
Белыя бярозы
Спалі на ўзлеску,
Як сваю галоўку
Узняла пралеска.
Тоненькую ножку
З-пад пярыны белай
На зямлю пралеска
Ставіла нясмела.
Якім Алоўкін
Падснежнік
Раней за ўсіх герой лясны
Прадкажа надыход вясны:
Праклюнуўся на ўзлеску свежы
Вясны вястун — малы падснежнік.