Найлепшы лекар
Вторник, 12.02.2019 09:57. Рубрика: Вершы
Я стаю, гляджу ў акно.
Там цікава, бы ў кіно!
Чорны кот на тратуары,
вецер разганяе хмары,
вунь варона, вось сінічка,
на галінцы рукавічка.
Людзі йдуць туды-сюды,
пакідаючы сляды.
Хто на санках, хтосьці ўлёт.
І паўсюдна снег і лёд!
Для чаго было маніць,
быццам горла мне баліць?!
– Мама, ну хваробу тую!
Я на ўрок хачу сама!
Што ад хітрыкаў ратуе?
Не таблеткі, а зіма!
Вольга ГРОНСКАЯ