Шпак і Верабей
Понедельник, 11.06.2018 14:05. Рубрика: Апавяданні
Па вясне вярнуўся шпак –
Вось і хатка, родны клён.
Супакоіцца ніяк
Дзень які не можа ён.
З ранку кружыцца ля хаты…
Вераб’ямі дом заняты!!!
І сказаў тады Максім:
«Хопіць месца ў садзе ўсім!»
Сёння новую шпакоўню
Майстраваў ён для шпака.
Аж да ўсходу рыжай поўні
Чуўся грукат малатка.
Папацеў Максім, узмок,
Атрымаўся цуд-дамок!
Шпак на грушыне старой
Спеў заводзіць пад настрой.
Верабей на рослым клёне
З ранку ціўкае-гамоніць.
З гэтай самае пары
Верабей і шпак – сябры.
Мікола МЯТЛІЦКІ