Школьныя парады. Частка пятая: як не быць панурым
Усіх нас раздражняюць невясёлыя людзі. Асабліва настаўнікаў. Асабліва, калі яны самі панурыя. Бо якая радасць бачыць перад сабою такога ж незадаволенага вучня? Так і хочацца яму двойку ўляпіць.
Праедзься раніцай у транспарце. Колькі вакол змрочных твараў!
Я прыдумаў, як паляпшаць свой настрой!
1. Перад выхадам у школу вывучы свой твар: ці не пануры ты сам?
2. Калі ўбачанае не задавальняе, рабі практыкаванне: «Сумная гарыла – шчаслівая гарыла».
Паўтары так некалькі разоў. Спярша марудна, а пасля ўсё хутчэй сцягвай (насуплівай) і расцягвай (калі ўсміхаешся) мышцы твару, каб ажно горача рабілася. Твой твар “прачынаецца” і “забываецца” на ўсялякі сум.
3. Па дарозе ў школу настройвайся толькі на прыемнае. Тады міжволі твой засвеціцца радасцю, гэта заўважаць людзі і некаторыя адкажуць ўсмешкай.
4. Памятай, калі на цябе незаслужана крычаць, ні ў якім разе не звяртай увагу. Пашкадуй беднага нервовага чалавечка і, на ўсялякі выпадак, пабудуй вакол сябе нябачны, але моцны мур, скрозь які не даляціць ні кроплі кепскіх эмоцый.
5. У адказ на лаянку кажы толькі прыемнае.
Надакучылі панурыя людзі і сам хочаш пазбыцца незадаволенасці? Паспрабуй выканаць мае парады і пабачыш, якія слаўныя змены у табе адбудуцца.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК