Вершы сербскіх паэтаў
Мілаван ВІТЭЗАВІЧ
Храбрэц з капусты
Гэй, касы, куды бяжыш?
Можа, у вандроўку?
“З храбрацамі ў лес пайду –
Папалохаць воўка!”
Ты чаму ў капусту ўлез?
Тут хіба сталоўка?
“А цяпер другі расклад –
Уцяклі ад воўка!”
Душан РАДАВІЧ
Страшны леў
Жыў калісьці
Леў адзін –
Жах і жудасць
Тых мясцін.
Страшна? Страшна!
Еў ён –
Толькі падавай –
Воблакі, траву,
Трамвай.
Страшна? Страшна!
Чыкільгаў
На трох нагах,
Наганяў усюды
Страх.
Страшна? Страшна!
А яшчэ (скажу цішэй)
Меў ён трое вушэй,
Меў ён трое вачэй,
Грозна слухаў і глядзеў, –
Стаць яшчэ страшней
Хацеў!
Дэсанка МАКСІМАВІЧ
Зайцы-выхвалякі
У ляску зайцы спаткаліся,
Хто храбрэй з іх –
Выхваляліся.
Першы:
– Лапаю клянуся,
Што ваўка я –
Не баюся!
А другі:
– І я не струшу,
Уцякаць мядзведзя
Змушу!
– Чэснае капуснае, –
Трэці ўжо храбрыўся, –
Не баюся ні лісы,
Ні савы, ні рысі!
Раптам вецер наляцеў!
З хвоі шышкі ўпалі!
Смельчакоў бы здзьмула ўраз –
Пяткі паказалі!
З сербскай мовы пераклаў Мікола ЧАРНЯЎСКІ