Вася Вясёлкін, Буся і Грошык знайшлі прыгоды ў Пінску
Сыходзіць год, мы аглядаем пражытое, і падчас уздыхаем — не ўсё атрымалася. Планы і здзяйсненні не заўсёды сустракаюцца. Тым больш радасна ўзгадваць падзеі, якія не толькі адбыліся, але і ажывілі вакол сябе прастору, людзей, натхнілі на новыя перспектывы!
Нашы сябры з Пінску ў пачатку навучальнага года запланавалі зрабіць сваё школьнае жыццё вясёлым і карысным. Разам з “Вясёлкай” і “Бусяй” малодшыя школьнікі ў лістападзе пракладвалі культурны маршрут “Мая Беларусь”. Чытачы “Вясёлкі” падключылі да свайго незвычайнага падарожжа ўсіх сваякоў і сяброў, а таксама напоўнілі яго сваімі шчырымі пачуццямі і парадніліся з Бусем і Васем Вясёлкіным.
Шмат пазітыву, гумару і шчырых усмешак было на станцыях, дзе кіравалі вучні 1-ых класаў. Бацькі першакласнікаў дапамагалі сваім маленькім “буськам-чамучкам” асвоіць сакрэты кулінарных страў з часопіса “Буся”. Душэўна, улюбёна, па-сямейнаму яны запісалі мілыя і пацешныя відэаролікі.
На школьнай сцэне пад апладысменты гледачоў розных узростаў прайшла п’еса-казка Р. Баравіковай “Тайна прыгажосці”, за якую акцёры заслужылі ўзнагароды дыпломамі.
Самыя рухомыя і актыўныя вучні выбралі конкурсы і гульні ад В. Вясёлкіна на свежым паветры.
Намеснік дырэктара школы па пачатковых класах Л.М.Левоцкая, педагогі і вучні СШ № 11 г. Пінска аздобілі ўсімі колерамі “Вясёлкі” кажнае сваё мерапрымства!
Першае навучальнае паўгодзе фінішавала “Парадам прызёраў”! Каб не развітвацца з Бусем, Васяй Вясёлкіным і Грошыкам дзеці сумесна з дарослымі вырашылі асвойваць культурны маршрут “Мая Беларусь” і ў наступным паўгоддзі. А мы з задавальненнем будзем сачыць за іх прыгодамі і расказваць пра пінскія прыгоды Бусі, Васі Вясёлкіна і Грошыка.