Загадкавы мастак
Понедельник, 11.12.2017 12:30. Рубрика: Праекты
Вярнуўшыся пасля заняткаў у Нацыянальным мастацкім музеі, Вераніка адразу ж расказала пра новае заданне.
Трэба падрыхтаваць даклад пра мастака, фрагмент аднаго з нацюрмортаў якога размешчаны на купюры ў 1000 рублёў.
– Ты маеш на ўвазе старыя грошы?,– удакладніў тата.
– Так.
– Зараз пашукаем у інтэрнеце.
Вераніка пайшла пераапранацца і вячэраць.
– Знайшоў, – з гэтымі словамі тата ўвайшоў на кухню. – Мастак фрагмента нацюрморту з карціны – Іван Хруцкі.
– А што пра яго вядома?
– На жаль, пасля Хруцкага не засталося ніводнага ліста, ні фатаграфій, ні ўспамінаў. Затое яму пашанцавала ў іншым: захавалася больш за сто ягоных палотнаў. Аказалася, што купіць яго карціны прасцей, чым высветліць падрабязнасці іх стварэння.
– Адкуль ты ведаеш, хто купляў яго карціны? – пацікавілася Вераніка.
– Да вайны ў Беларусі не было ніводнага палатна Хруцкага. Адкрылі гэтага мастака толькі ў пасляваенныя гады. Легендарная Алена Аладава, калі адраджала запаснікі і экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, пачала збіраць яго калекцыю. Яна і задалася мэтай вярнуць палотны Хруцкага на радзіму, – распавёў тата.
– Яна змагла знайсці і выкупіць у прыватных калекцыянераў 25 палотнаў Хруцкага, – патлумачыла бабуля.
– А што пра яго дакладна вядома? – запытала Вераніка.
– Іван Хруцкі нарадзіўся 27 студзеня 1810 года ў сям’і грэка-каталіцкага святара шляхціца Тамаша Хруцкага. Самы старэйшы сын павінен быў працягнуць справу бацькі. Менавіта для гэтага ў 10 гадоў яго адпраўляюць з роднай вёскі Усайі ў полацкі ліцэй. У 17 гадоў Іван вырашае ехаць у Пецярбург, каб вучыцца на мастака. Тут да 1829 года ён браў урокі ў англійскага жывапісца Джорджа Доў і адначасова займаўся ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў у якасці вольнага вучня. У Эрмітажы Хруцкі робіць копіі з нацюрмортаў галандцаў. Неўзабаве яго нацюрморты ўпрыгожваюць салоны і гасціныя. І гэта пры тым, што жанр нацюрморта быў ужо ў заняпадзе, Хруцкі вяртае на іх моду і становіцца яе заканадаўцам. Так да яго прыходзяць першыя грошы і прызнанне. За нацюрморт “Кветкі і плады” ён атрымлівае ўзнагароду – малы сярэбраны медаль Акадэміі мастацтваў. І гэта ў 26 гадоў. Праз два гады ў яго ўжо малы залаты медаль. Заставалася атрымаць вялікі залаты медаль, каб спраўдзілася мара любога мастака таго часу – паездка ў Італію на шэсць гадоў. Але гэтым грандыёзным планам не наканавана было спраўдзіцца.
– Чаму? – спытала Вераніка.
– Яго бацька выступіў супраць аб’яднання ўніяцкай царквы з праваслаўнай. У прыход святара Хруцкага тут жа наляцела рэвізія, а яго самога адправілі на хлеб і ваду ў манастыр. Іван адразу ж піша ліст мітрапаліту Іасафату Булгаку, бацьку вызваляюць. Пазней мастак дамагаецца звання акадэміка Акадэміі мастацтваў.Гэтае званне давала дваранства, прычым не толькі асабістае, але і нашчадкавае. Хруцкі стаў, па сутнасці, двойчы дваранінам, бо прыкладна ў гэты ж час ён змог пацвердзіць дваранскі тытул яго сям’і. У 1839 годзе Тамаш Хруцкі памірае. Застаецца маці і пяцёра малодшых братоў і сясцёр Івана. Ён павінен узяць усе клопаты аб сям’і. Бывай, Італія! І вось у 1844 годзе ён купляе пад Полацкам зямлю, будуе дом на беразе возера па ўласным праекце, разбівае сад. Праз год ажэніцца з суседкай Ганнай-Катарынай Бямбноўскай і… неўзабаве з’язджае. Біскуп Сямашка запрашае яго ў Вільню афармляць архірэйскі дом, пісаць партрэты святароў. Хруцкі, напэўна, нават і не ведаў, што яго нацюрморт на адным з аўкцыёнаў у Маскве купіў для сваёй галерэі сам Траццякоў. А трапіць да Траццякова азначала прызнанне несумнеўнай мастацкай вартасці карціны. Памёр Іван Фаміч Хруцкі ў студзені 1885 года, пахаваны ў сваім маёнтку ў радавым склепе.
Анастасія Радзікевіч