Коткі ў сеціве
Неверагодная казка
Хлопчык Віця марыў стаць самым лепшым кінарэжысёрам. Ён, як і яго сябры, выкладваў ролікі ў інтэрнет, але поспех быў невялікі. Аднак Віця не здаваўся. Кошка Муся са здзіўленнем назірала, як ён нешта рабіў на сваім камп’ютары. Яна заўсёды сядзела побач і муркатала. Часам Віця абарочваўся і глядзеў у яе разумныя вочы: можа, што-небудзь хоча падказаць? Але дзе ж ты зразумееш каціную мову!
Час ад часу Муся пераскоквала ў свой “тэлевізар” (так Віця называў акно). Яна глядзела доўга-доўга, выгіналася, торгала вусамі. Ён глянуў аднойчы ў акно: дык там жа птушкі!
– Ну ты і драпежніца! – сказаў ёй Віця. – Табе ж і малачко, і рыбка ёсць, а ты ўсё роўна птушак выглядаеш!
Муся нічога не адказала, матлянула хвастом па падваконні: маўляў, што ты разумееш у нашай кацінай прыродзе!
Віця глянуў на гадзіннік: ён жа ў школу спазняецца! Хуценька схапіў партфель і пабег. А Муся засталася ля камп’ютара, які Віця забыўся выключыць. “Што за незвычайныя карцінкі выскокваюць?” – падумала яна і яшчэ раз прайшлася лапкай па клавіятуры. “Не можа быць? І тут птушкі! І такія вялікія, і незвычайныя! Такія, што ля нашага дома не лятаюць!” Некаторых з іх яна нават забаялася. “А гэта што?” – Муся бліжэй падсунулася да экрана. – “Стварыце сваю хатнюю сетку “Дамавічок”. Дзяліцеся навінамі з сябрамі – жыхарамі вашага дома!”
“Цікава, цікава! – падумала Муся. – А колькі ж такіх, як я, котак, паглядае з вокан нашага дома ў двор? Яны ж таксама жыхары. І могуць быць маімі сябрамі”.
Муся скочыла на падваконне і голасна сказала: “Мяў!” І ў адказ пачула “мяў!”, і яшчэ адно “мяў”, і яшчэ.
“Колькі ж у мяне сяброў! – узрадавалася яна. – Трэба і нам стварыць сваё сеціва!” Муся была разумная кошка. Яна нават запомніла, як працуе на камп’ютары Віця. Сумна ж адной, калі гаспадар з ёй не гуляе. Вось і яна навучылася многаму. На кацінай мове Муся доўга тлумачыла астатнім коткам, як карыстацца сецівам. Ёй дапамагаў кот Тодар, які таксама, як Муся, гадзіны праседжваў ля камп’ютара са сваім гаспадаром Віталікам. У Віталіка была створана сетка “Дамавічок”. Кот Тодар зрабіў копію і назваў “Катавічок”. Усе коткі дома хутка падпісаліся на яе і з дапамогай камеры ў камп’ютары сталі здымаць птушак і абменьвацца сюжэтамі.
Гаспадары нават не падазравалі пра гэта таямнічае жыццё. Так прайшоў месяц. Кошка Муся нават стварыла фільм пра птушак. Але што далей? Коткам зноў стала сумна: яны хатнія, кожная ў сваёй кватэры. І зноў ідэя: расказваць аб сабе, сваім жыцці, гаспадарах, што яны любяць, чым ласуюцца, які каціны корм выбіраюць, колькі там для іх вітамінаў назапашана… Тэмаў – безліч. Гэта і напраўду іх захапіла. А птушкі? Муся выклала на Віцінай старонцы свой фільм: няхай глядзяць людзі, а можа, і іх коткі. Галоўнае, што яны ўсе пасябравалі і ім ніколі не будзе сумна ў адсутнасць маленькіх гаспадароў, калі тыя ходзяць у школу, і іх бацькоў, якія ўвесь час на працы. А яшчэ кот Тодар прыслаў Мусі святочную паштоўку на восьмае сакавіка. А яшчэ…
Ах, Віця! Нечакана за фільм пра птушак ён атрымаў столькі шчырых водгукаў! Але ж… Правільна, побач зноў сядзела Муся, і ў вечаровай імгле за акном Віцю падалося, што яе вочы бліснулі неяк па-змоўніцку таямніча. “Не, ніколі не зразумець гэтых загадкавых стварэнняў. Аднак не сябраваць з імі і не любіць іх проста немагчыма”, — падумаў ён і ўсміхнуўся Мусі.
Маргарыта ПРОХАР