Школьныя парады. Частка трэцяя: як навучыцца заводзіць сяброў?
Ты і незнаёмая кампанія
Старэйшы брат прывёў мяне ў новую школу. Па дарозе сказаў: “Глядзі, каб знайшоў сабе новых сяброў! Хопіць ужо быць нясмелым!” – “А раптам яны мяне не прымуць?..” Брат дастаў з сумкі ручнік: “Вазьмі, і як убачыш нешта незвычайнае – дзейнічай!” На школьным двары гулялі аднакласнікі. Раптам з даху нехта свіснуў, зацікаўленыя дзеці падбеглі. І ў гэты час на іх нехта выліў банку… таматнага соку! “Дзейнічай!” – пачуў я з даху голас брата. Я падышоў да аслупянелых аднакласнікаў, даў ім ручнік, дапамог выцерціся. З гэтага часу ўвесь клас са мной пасябраваў.
Цяпер, калі мне трэба пазнаёміцца з новай кампаніяй, я ўяўляю, што яны аблітыя сокам, ім патрэбна дапамога, і мая няўпэўненасць знікае.
Не спяшайся спадабацца ўсім
Пасля таго, як увесь клас са мной пасябраваў, я стараўся спадабацца яшчэ больш. Мяне пасадзілі за адну парту з худой, суровай дзяўчынкай. “Я – Галя, – сказала яна. – Ніколі не хварэю, бо ем лімоны. Бяры! – і працягнула вялізны лімон. Я ненавідзеў усё кіслае, але… адмовіцца не мог. Кожны дзень Галя частавала мяне лімонамі, а я… вельмі ж баяўся яе расчараваць. Бррр, як успомню! І раптам адбылося нечаканае… Галя захварэла! У той жа дзень я перасеў да вясёлай Арынкі. “Скажы, а ты любіш… лімоны?” – нясмела пацікавіўся я. “Толькі шакаладкі!” З гэтага дня жыццё ў мяне стала па-сапраўднаму салодкім.
Запомні: калі не хочаш увесь час есці толькі кіслыя лімоны, не спяшайся спадабацца ўсім.
Твой поспех – у тваіх жа недахопах
Настаўніца пачала рабіць з намі спектакль паводле казкі Васіля Віткі “Генерал верабей”. У гэтым творы верабейку пакрыўдзіў мядзведзь, які нечакана атрымаў такога кухталя ад смелай птушачкі, што ледзьве ўцёк.
– Хто сыграе верабейку? Можа, Юрачка? – звярнулася настаўніца да самага маленькага вучня. Той пакрыўджана засоп:
– А чаму я верабейку буду іграць?
– Вінцук, а ты мо станеш мядзведзем? – запытала ў задзірыстага і мажнага хлопчыка.
– У нас самы тоўсты – Васіль! – кіўнуў ён на мяне. – Во дзе мядзведзь.
– Ха-ха-ха! – дружна адазваўся клас.
– А што, і сыграю! – прамовіў я. – Так, я вялікі і круглы, кепска бачу, нашу акуляры, а мядзведзі таксама маюць няважны зрок. Я і рыкаць выдатна ўмею. Ррррыыы!
Клас прыціх.
– Малайчына, Васіль! – пахваліла настаўніца. – Але хто будзе верабейкам?
– Я і верабейкам магу стаць! Чык-чырык! – заскочыў на парту.
У спектаклі я адначасова быў і мядзведзем, і верабейкам. Мне зайздросцілі Юрачка з Вінцуком, а я прыдбаў сабе новых сяброў і прыхільнікаў.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК