Сонечны Пінск – сябра «Вясёлкі» і «Бусі»
Нашы сябры з Пінска першымі адгукнуліся на Рэспубліканскую акцыю «Будзем разам з Вясёлкай!». З 13 па 23 лістапада ў слаўным горадзе Пінску, дзякуючы спрыянню і творчаму натхненню дырэктара “Сярэдняй школы №11 г. Пінска” С.І. Вабішчэвіча, будзе праводзіцца тэматычная дэкада «Сябруем з “Бусем” і “Вясёлкай”». Для арганізатараў галоўнае каб у школьнікаў не згубілася цікавасць да кнігі, чытання, роднай мовы, асобы пісьменніка; каб яны не спынялі сваё знаёмства з сучаснай і класічнай літаратурай.
Удзельнікі мерарыемства – педагогі пачатковых класаў, вучні I — IV класаў, бацькі і ўсе неабыякавыя да беларускага слова.
На аснове матэрыялаў “Бусі” і “Вясёлкі” адбудзецца метадычны дыялог педагогаў аб тым, як можна найбольш карысна для дзяцей выкарыстоўваць тэксты з нашых часопісаў на вучэбных і факультатыўных занятках.
Для вучняў I — IV класаў будуць праведзены займальна-інтэрактыўныя лекцыі, прысвечаныя гісторыі стварэння часопіса “Вясёлка”.
Паводле аповесці-споведзі “Мая Беларусь” У. Ліпскага запланаваны вельмі цікавыя і займальныя “Вясёлчыны чытанні”.
Акрамя таго, удзельнікаў гэтых святочных мерапрыемстваў будуць чакаць цікавыя гульні ад бусліка Бусі і Васі Вясёлкіна, спартыўныя спаборніцтвы, выстава тэатру Васі Вясёлкіна, брэйн-рынг да 500-годдзя беларускага кнігадруку (па старонках аповесці Анатоля Клышкі “Францыск Скарына альбо Як да нас прыйшла кніга” з часопіса “Вясёлка”), конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка і сучаснасць” (вершы са старонак часопісаў “Буся” і “Вяселка”), фестываль паэтычнага слова ў межах рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут – «Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям» »і многае іншае.
24 лістапада адбудзецца парад прызёраў – ушанаванне пераможцаў дэкады «Будзем разам з Вясёлкай!».
Дзеці і настаўнікі сонечнага горада Пінск яскрава паказалі, што з’яўляюцца сапраўднымі сябрамі «Вясёлкі» і «Бусі», непадманнымі прапагандыстамі беларускай літаратуры, роднага слова.
Гэй, Слонім, Барысаў, Полацк, Петрыкаў, Слуцк ды іншыя гарады нашай сінявокай Беларусі, прыйшоў час і вам раскрыць перад вашымі дзецьмі бяздоннае хараство нашай культуры, мовы, літаратуры. Пазнаёміць з лепшымі ўзорамі твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў для маленькіх чытачоў, якія нязменна прысутнічаюць на старонках “Бусі” і “Вясёлкі”.
Вася ВЯСЁЛКІН