Заслаўе збірае сяброў на свята беларускага пісьменства
Дзень беларускага пісьменства сёлета праводзяць у адным з самых старажытных гарадоў нашай краіны — у Заслаўі. Сюды прыехала князёўна Рагнеда са сваім сынам Ізяславам, які заступіўся за маці перад бацькам, вялікім князем кіеўскім Уладзімірам… Гісторыю вы і самі можаце лёгка знайсці і прачытаць, мы ж раскажам вам, якое цудоўнае свята падрыхтавалі арганізатары.
З самага ранку ў новы дзіцячы парк пачалі прыходзіць людзі. Палаткі з гульнямі і ласункамі толькі-толькі адкрываліся, а між радоў ужо прагульваліся гараджане з зацікаўленымі поглядамі. Прыцягваў увагу горад мастроў, дзе ў вочы кідаліся рознакаляровыя вышыванкі, бранзалеты з жалеза, прыгожыя дрэвы з бісеру… Тут жа, у парку, пачала працаваць пляцоўка, на якой маладыя таленты Міншчыны паказвалі гасцям свае здольнасці. Для тых, хто паспеў стаміцца ад гукаў музыкі, прама перад вачамі раскінуўся стаў з набярэжнай, дзе можна было і прагуляцца, і адпачыць, седзячы на лаўцы.
Асноўныя падзеі пачаліся ў другой палове дня, калі ў Доме культуры адкрыўся конкурс юных чытальнікаў Міншчыны «Жывая класіка». Поўная зала гасцей з заміраннем сэрца слухала, як прыгожа дзеці чытаюць творы беларускіх аўтараў. Некаторыя прысутныя нават пускалі слязу — такія моцныя пачуцці выклікала жывая класіка ў іх сэрцах.
На другім канцы горада ў гэты час рыхтавалі да адкрыцця помнік князю Ізяславу — высокі, магутны пастамент, які прыйшоўся гараджанам даспадобы.
— Менавіта ад яго імя і пайшла назва нашага горада. Няўжо ты не ведаеш, гэта ж гісторыя Беларусі! — раздражнёна тлумачыў малады мужчына свайму сябру пра тое, хто такі Ізяслаў.
Мінаючы амфітэатр, дзе адбываецца гульнёвы турнір на мячах, ідзём да гарадскога вала — тут разгарнулася вялікая сцэна, ды і людзей ужо сабралася шмат: усе чакаюць адкрыцця. Уступнае слова гаворыць Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён зноў нагадвае пра тое, што кнігу трэба шанаваць і любіць. Пасля гучных апладысментаў пачынаецца святочны канцэрт і выходзіць любімец публікі Анатоль Ярмоленка з «Сябрамі». Госці задавольнена спяваюць любімыя песні ўсім Заслаўем. Напрыканец дня арганізатары падрыхтавалі лазернае шоу. Я ўпэўнена, дзелягэтага многія бацькі дазволілі сваім дзецям легчы спаць далёка за паўнач.
Але на гэтым Дзень беларускага пісьменства не скончыўся. Праграма пряцягваецца і сення. Таму, калі ёсць магчымасць, абавязкова прыязджайце, каб паглядзець на ўсё сваімі вачамі. І да нас не забудзьце завітаць.
Марыя БАЗУЛЬКА
Пашчасціла мінскім калегам з Уладзімірам Сцяпанавічам сустрэцца! А дзе былі мы ў гэты час:(( Добра што з супрацоўнікамі паспелі сфоткацца з Радмілай і Святланай:))